КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,
крэдытная ўстанова, якая ажыццяўляе універсальныя банкаўскія аперацыі (прыцягненне ўкладаў, даванне пазык і інш.). Грашовыя сродкі для правядзення аперацый фарміруюцца пераважна праз уклады, якія размяшчаюцца на ўмовах зваротнасці, платнасці і тэрміновасці. К.б. функцыянуюць на прынцыпах камерцыйнага разліку, самастойна вызначаюць парадак прыцягнення і выкарыстання грашовых сродкаў, выкананне інш. банкаўскіх аперацый, узровень працэнтных ставак, памер камісійнага ўзнагароджання і не адказваюць па абавязацельствах дзяржавы і сваіх кліентаў. Ствараюцца на паявых ці акцыянерных пачатках і адрозніваюцца паводле спосабу фарміравання статутнага капіталу (з удзелам дзяржавы, замежнага капіталу і інш), відаў ашчадных аперацый — універсальныя і спецыялізаваныя (напр., дэпазітны, інвестыцыйны, інавацыйны), тэрыторыі дзейнасці (міжнар., рэсп., рэгіянальны і інш.), галіновай арыентацыі (напр., прамысл., аграрны).
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)